ВЯЛІ́КАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),

каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху ў кастр.снеж. 1917. Утворана на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (28.10—6.11.1917). Пастаянна дзеючым органам ВБР быў Выканаўчы к-т з 24 чал. У яго ўваходзілі В.​А.​Адамовіч (старшыня), А.​У.​Прушынскі (Алесь Гарун) і А.​А.​Смоліч (нам. старшыні), Л.​А.​Сівіцкая (Зоська Верас) і А.​Сакалоўскі (сакратары) і інш. К-т падзяляўся на аддзелы ў адпаведнасці з галінамі кіравання. У кантакце з ім працавалі 9 генеральных камісараў Рады (Я.​Я.​Варонка, Б.​А.​Тарашкевіч, З.​Х.​Жылуновіч і інш.). Выканаўчы к-т разам з камісарамі ўтваралі Малую Раду («Савет 33-х»).

ВБР выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі, развіццё нац. культуры і мовы. Разглядала сябе як зародак вышэйшага органа дзярж. улады будучай аўтаномнай Беларусі. Разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай вяла работу па стварэнні бел. нац. войска. Выступіла з ініцыятывай і разам з Бел. абл. к-там склікала Усебеларускі з’езд 1917.

С.​С.​Рудовіч.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)